ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ва нар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).

А.Ф.Самусік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)